“Каляровая эйфарыя”: выстава Аксаны Еўдакіменка пройдзе ў Магiлёве
Аксана Еўдакіменка, выхаванка мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава. Ужо дыпломнай працай (трыпціх “Нараджэнне казкі” (2007)) была заўважана як таленавітая маладая мастачка.
Больш за 15 год выстаўляецца на рэспубліканскіх, міжнародных выстаўках, з’яўляецца ўдзельніцай шматлікіх міжнародных жывапісных пленэраў у Беларусі, Расіі, Егіпце, Турцыі, Ліване, Украіне, Сербіі, Арменіі, Іарданіі, Азербайджане, Македоніі.
У яе актыве – персанальныя выстаўкі ў філіяле установы “Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь” “Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі” (2008), у мінскіх салоне-галерэі “Арт-блік” (2014, 2019), галерэі “Мастацтва”, у Магілёўскім абласным мастацкім музее імя П.В. Масленікава (2015).
І на рэшце, выстава “Каляровая эйфарыя”, якая працуе ў выставачнай зале філіяла ўстановы “Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь” “Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі” з 1 лютага па 1 сакавіка 2020 года. У экспазіцыі прадстаўлена 16 жывапісных прац напісаных за апошнія два гады.
Яе мастакоўская эмацыяльнасць уключае ў сябе фантазію, волю, аналітычнае ды сінтэтычнае бачанне свету і роздумы, развагі пра яго. Галоўнымі тэмамі ейнай творчасці з’яўляецца жыццё чалавечага духу ў розных яго аспектах, жаночыя вобразы, адзначаныя лірыка-фантастычнай афарбоўкай. Творы будуюцца ў асноўным праз колеравы і кампазіцыйны лад. У творах адчуваецца спроба гарманічна злучыць неспалучальнае, дасягнуць цэласнасці процілегласцей, прывесці да вобразнага адзінства складаныя памкненні мастачкі. А чым не гульня ўяўлення, фантазіі ў палотнах “Русалка Андаманскага мора” (2016), “Эйфарыя” (2018), дзе вобраз чалавека лёгка суседнічае з абстракцыяй і часам праяўляецца ў манеры і позе, праламляючыся праз асабістае “я”? Умела аб’ядноўваючы элементы кампазіцыі, выяўляючы сэнсавы змест, мастачка надае карцінам асабістую “жыццёвасць”, “новую рэальнасць”, адметную па сіле творчага перажывання ад штодзённай рэчаіснасці.
Арыгінальнасць, навізна такога мастацкага вобраза і вызначае своеасаблівы стыль творцы. У выніку глядацкае ўспрыманне мастацва Аксаны Еўдакіменка пакідае ўражанне творчай працы, за якой не бачна пакут творчасці. Яе творы вольныя ад жорсткіх канонаў адлюстравання, звязаныя з уяўленнем, ніяк не супярэчуць рацыянальнаму мысленню, навуковаму спазнанню і тым самым у сваёй аснове філасафічныя.
Iнфармацыйны адзел партала Masheka.by