19 декабря - гадзіна мастацтва да 145-годдзя з дня нараджэння В.К. Бялыніцкага-Бірулі “Жывапісец роднага краю”
Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля (1872-1957) — вядомы беларускі жывапісец з унікальным талентам тонкага лірыка, яркай яскравай творчай індывідуальнасцю. Яго працы заўсёды можна пазнаць па непаўторным аўтарскім стылі, сваеасаблівай мастацкай мове.
Вітольд Бялыніцкі-Біруля нарадзіўся ў сядзібе Крынкі каля Бялыніч. Дзяцінства яго прайшло ў невялікай, але вельмі маляўнічай бацькавай сядзібе (на жаль, яна не захавалася, на гэтым месцы ўстаноўлены памятны знак). Мяккая непрыкметная прыгажосць беларускай прыроды з яе лясамі, пералескамі, палямі, рэчкамі і балотцамі не магла не зачараваць душу будучага мастака прастатой матываў, спакойнымі фарбамі навакольнага асяроддзя.
Творчы шлях мастака складаўся больш чым паспяхова. Пачаткам можна лічыць той момант, калі знакаміты расійскі мецэнат Павел Траццякоў, які збіраў тады сваю галерэю, набыў адно з першых палотнаў мастака «З наваколля Пяцігорска» (1892). Гэты факт быў па тых часах сапраўднай сенсацыяй, бо наш зямляк быў яшчэ нікому не вядомым вучнем. З гэтага часу малады мастак пачынае пастаянна экспанаваць свае працы на выставах Маскоўскага аб'яднання аматараў мастацтва і Маскоўскага таварыства мастакоў. Яго карціны часта удастойваюцца ўзнагарод.
У 1908 годзе Вітольд Каэтанавіч атрымлівае званне акадэміка Імператарскай Акадэміі мастацтваў. Дарэвалюцыйная мастацкая крытыка называла Бялыніцкага-Бірулю прадаўжальнікам творчага шляху такіх майстроў, як Саўрасаў і Левітан.
Талент мастака ацэнены і савецкай уладай – у 1944 годзе ён атрымаў званне народнага мастака Беларускай ССР, у 1947 годзе яму прысвоілі званне народнага мастака РСФСР, абралі сапраўдным членам Акадэміі мастацтваў СССР.
Творчая спадчына Вітольда Каэтанавіча Бялыніцкага-Біруля велізарна – каля 2000 твораў, многія з якіх знаходзяцца ў розных музеях і калекцыях. У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь захоўваецца самая значная калекцыя палотнаў, якімі і сёння мы не перастаем ганарыцца і захапляцца.
Гадзіна мастацтва — даніна памяці выдатнаму чалавеку, чыё жыццё і творчасць
цесна звязаны з культурай Беларусі і яго малой Радзімай – Магілёўшчынай.
Час і дата: 19 снежня ў 18:00
Месца правядзення: актавая зала абласной бібліятэкі (вул. Крыленкі, 8)
Уваход вольны