Сустрэча з гуртом “Крывічы” ў Магілёве 31 ліпеня
31 ліпеня 2019 года (у сераду) у 18:30 Музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі запрашае ўсіх жадаючых на творчую сустрэчу з лідарамі гурта іркуцкіх беларусаў “Крывічы”, якія прадставяць праграму “Песні і танцы беларусаў Іркуцкай вобласці”.
Матэрыял быў запісаны падчас этнаграфічных вандровак па вёсках Прыбайкалля, заснаваных беларускімі перасяленцамі ў пачатку ХХ стагодздзя (1902-1912 гг.).
Унікальны творчы калектыў, гурт аўтэнтычнага спеву “Крывічы” заснаваны ў 2009 годзе з ініцыятывы вядомага лідара беларусаў Іркуцкай вобласці Алега Рудакова і Вольгі Галанавай, якая і стала натхняльніцай і кіраўніком гурта.
Раней у Прыбайкаллі беларуская песня гучала ў шматлікіх вёсках, заснаваных перасяленцамі. Цяпер “старую” песню пачуць можна толькі зрэдку. Удзельнікі гурта вырашалі даць другое жыццё традыцыйным абрадавым і пазаабрадавым спевам, якія выконваюць у старажытнай манеры спеву продкаў-беларусаў.
Усе дзяўчаты-удзельніцы гурта “Крывічы” нарадзіліся ў Сібіры, але з задавальненнем вывучаюць мову сваіх продкаў і спяваюць родныя песні. Гурт неаднаразова выступаў у Беларусі, у тым ліку на фестывалі мастацтваў беларусаў свету.
У рамках сустрэчы пройдзе майстар-клас па беларускіх народных танцах – іх можна будзе не толькі ўбачыць, але і павучыцца танцаваць разам з удзельнікамі гурта Алегам Рудаковым і Вольгай Галанавай.
ЗАПРАШАЕМ!
Месца правядзення: Музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі, вул. Ленінская, 37
Час правядзення: 31.07.2019 18:30-21:00
Уваход: па квітках. Кошт – 5 рублёў. Квіткі - у касе музея
Даведкі па тэлефонах: Музей: (80222) 65-07-57, Каса музея (80222) 65-02-03