Музычная гадзіна “ЖЫЦЦЁ ПЕСНІ”
Паважаныя сябры, аддзел мастацтваў Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна запрашае ўсіх жадаючых на музычную гадзіну з мультымедыйнай прэзентацыяй "Жыццё песні", прысвечаную гісторыі стварэння, аўтарам і выканаўцам адной з самых папулярных беларускіх песень "Бывайце здаровы".
Мала каму вядомы той факт, што словы і музыка песні не народныя, а маюць аўтараў – тэкст песні напісаны А. Русаком, а музыка – выхадцам з г. Чэрыкава Магілёўскай вобласці І. Любанам.
Ёсць песні, што праз некаторы час пачынаюць жыць сваім жыццём. У розныя часы перапяваюцца па-свойму, з’яўляюцца або прападаюць куплеты. Зайздросны лёс у беларускай песні "Бывайце здаровы". Вось ужо больш за 80 гадоў жыве яна ў народзе, застаючыся па-ранейшаму маладой і жыццярадаснай.
Магутны аптымізм, сапраўды народнае ўспрыманне рэчаіснасці, тонкае пачуццё гумару – усе гэтыя якасці, якія ўвасобленыя ў творы, не могуць не вабіць. І слухачоў, і спевакоў. І вабяць ужо не адно пакаленне – ад першай выканаўцы, "беларускага салаўя" Ларысы Александроўскай і славутага Леаніда Уцёсава да зорак сучаснай эстрады: Іосіфа Кабзона, ВІА "Песняры", Мікалая Растаргуева, Ларысы Долінай і інш. Спявалі гэтую песню і ў мірны час, і ў час вайны.
Песня гэта – лепшае сведчанне прыгажосці зямлі і народа, які на ёй жыве, народа са шчодрым, сумленным і вясёлым сэрцам!
Час і дата: 24 мая / 18:00
Месца правядзення: актавая зала абласной бібліятэкі (вул. Крыленкі, 8)
Уваход вольны