История Могилева: после войны. Вспоминает Виктор Артемьев
Вот что пишет о послевоенной жизни в Могилеве Виктор Артемьев, могилевский писатель и краевед:
Восенню 1945 года (помніцца, што ў кастрычніку) паступіў я вучыцца (прынялі без экзаменаў, бо пасведчанне з Ардацкай сямігодкі было з пахвальнай граматай) у Рэспубліканскае культурнаасветнае вучылішча імя Н.К.Крупскай, якое знаходзілася па вуліцы Камсамольскай у горадзе Магілёве. Горад зрабіў на мяне ўражанне дваякае: вельмі ўжо вялікі, але на Першамайскай, Ленінскай, Піянерскай вуліцах ляжыць у руінах. Ацалелі лічаныя дамы, дый то ў іх няма або вокнаў, або дахаў ці засталіся толькі сцены. Рэдка ў якіх дамах ёсць вадаправод. Але водакалонкі вулічныя спраўныя. Туалеты, як і ў вёсках, драўляныя на вуліцы, а то і проста ў развалінах будынкаў.
Кватараваў я разам са старэйшай сястрой Марыяй у стрыечнага брата Сяргеева Мікалая Якаўлевіча. Ён быў прарэктарам па гаспадарцы Магілёўскага педагагічнага інстытута імя Папаніна і выкладаў студэнтам беларускую мову. Кватэра яго была ў паўночна-заходнім вуглу вучэбнага корпуса інстытута па завулку Мігая – насупраць былой швейнай фабрыкі імя Валадарскага (сёння ў ім сярэдняя школа № 16). У кватэры было толькі электрычнае святло. Цэнтральнае ацяпленне і каналізацыя адсутнічалі. Выручала руская печ з гарачымі чаранамі, якая была ў сталовай. Я спаў у пакоі, які не атапліваўся, а ўрокі рыхтаваў у цёплай сталовай.
У 1945–1946 навучальным годзе ў культасветвучылішчы ў памяшканнях не было ацяплення з-за адсутнасці дроў. Дый печы не паспелі адрамантаваць. У класных пакоях было толькі па аднаму акну, астатнія закладзены снапамі ржаной саломы, каб не пранікаў мароз, а хутчэй за ўсё таму, што не было шкла. Зімой мы ў класах сядзелі за партамі ў верхняй вопратцы. Настаўнікі нам дазвалялі надзяваць галаўны ўбор і рукавіцы – у пакоі была мінусавая тэмпература. Часам здавалася, што на вуліцы цяплей.
У чарнільніцах быў сіні лёд. Лекцыю выкладчыкаў запісвалі алоўкам. Мы хацелі атрымаць адукацыю і цярпліва пераносілі такія цяжкасці. Лічылі гэта нармальным, бо ва ўсіх навучальных установах (не ведаю як у школах) было тое ж самае. І вучоба ішла як і трэба. Для некаторых навучэнцаў наступствы былі. Мне, напрыклад, прастуда пашкодзіла слых і пазнейшым часам давялося пастаянна карыстацца слыхавым апаратам.
Мы бачылі цяжкасці, з якімі змагаліся магілёўцы: паўгалодныя (пры нішчымніцы па картках хлеба толькі 500 грамаў на дзень), дрэнна апранутыя, яны штодня хадзілі на працу, а потым яшчэ трэба ісці на суботнікі, якія нярэдка ладзіліся і ў будні пасляпрацоўнага дня, каб як найхутчэй расчысціць руіны і аднавіць ацалелыя будынкі. Навучэнцы таксама ўдзельнічалі ў суботніках. А яшчэ за культасветвучылішчам быў замацаваны парк імя Горкага. Там занава мы пасадзілі амаль усе дрэвы. Не так даўно многія з іх, разам з хворымі, спілавалі. І ўсё ж частка яшчэ ацалела.
Восенню 1945 года мы некалькі дзён хадзілі пешшу ў Буйнічы (аўтобусаў тады не было) і на полі рыдлёўкамі закопвалі траншэі, якімі было здратавана ўсё вялікае поле. Рабілі пасадку дрэў уздоўж вуліцы Чалюскінцаў. Зімой у моцныя завірухі хадзілі на чыгуначны вакзал ачышчаць ад снегу чыгуначныя рэйкі і платформы… Навучэнцам давалі стыпендыю 175 рублёў у месяц. Але яе не хапала. З дому мы маглі ўзяць толькі бульбу і акрайчык хлеба. Але ж трэба было тое несці на сабе пешшу за 40, а некаторым і за большую колькасць кіламетраў. Таму жылі ўпрогаладзь. У студэнцкай сталоўцы за невялікі кошт можна было купіць абед. Мы жартавалі, глянуўшы ў міску з нішчымнай стравай: “Крупіна за крупінай ганяецца з дубінай”.
З прычыны малага росту і вагі мне прызыўная камісія яшчэ годам раней дала адтэрміноўку ад службы ў арміі. Прайшоў год-другі. Ростам я прыбавіў сантыметраў на шэсць, а вага тая ж самая – 40 кілаграмаў. Урач прызыўнай каміссі ад Магілёўскага гарваенкамата пытаецца:
– А колькі бульбін ты з’ядаеш за абедам?
– Шэсць, – адказваю яму.
– А ты за раз з’ядай па восем.
– А дзе мне іх узяць, – гавару яму.
Падказкі ад урача так і не атрымаў.
Летам 1946 года пасля завяршэння экзаменаў усе навучэнцы разам з групай выкладчыкаў выехалі ў магілёўскі лес і тыдзень ці больш заўзята працавалі на распілоўцы беразняку. Дроў было назапашана шмат і зіму 1946 – 1947 навучальнага года ў культасвет вучылішчы правялі ў нармальных умовах.
Восенню 1946 года ў наш будынак падсяліўся зноў адкрыты Мінскі бібліятэчны тэхнікум імя А.С. Пушкіна, бо ў Мінску яшчэ толькі пачалося будаўніцтва вучэбнага корпуса. Стала весялей. У нас агульны інтэрнат, вучэбны корпус, выкладчыкі і нават на першы год адзін дырэктар. Толькі камсамольская і прафсаюзная пярвічныя арганізацыі – асобныя. Адной студэнцкай сям’ёй мы дружна ладзілі літаратурныя вечары, ставілі самадзейныя спектаклі, рабілі калектыўныя паходы ў кіно. Яшчэ весялей стала, калі адмянілі харчовыя карткі і можна было, як меліся грошы, пастаяўшы ў чарзе, купіць удосталь ржанога хлеба.
Опубликовано в сборнике "С юбилеем, Могилев", изданном в 2017 году Могилевским государственным университетом продовольствия.
Фотографии послевоенного Могилева из коллекции Олега Лисовского