Надзея Салаўёва. Беларускі клас у Магілёве
Учора ўсе школьнікі краіны пачалі новы год навучання. Адной з іх з'яўляецца Ялінка Салаўёва. Але яна не простая вучаніца, яна вучыцца ў беларускім класе сярэдняй школы №1 горада Магілёва. Расказаць пра тое, як праходзіць навучанне, і што з сябе прадстаўляе беларускі клас мы папрасілі маму Ялінкі - Надзею Салаўёву.
Добры дзень, Надзея. Мне здаецца, мала хто з магілёўцаў ведае пра існаванне класа з беларускамоўным навучаннем і што ў ім усяго адна вучаніца - ваша дачка Ялінка. Напэўна Вам задавалі гэтае пытанне ўжо тысячу разоў, але, тым не менш - скажыце, як Вы вырашыліся на такі смелы крок?
Калі мы разам з іншымі бацькамі пачыналі кампанію па адкрыцці беларускага класа ў 2010г., мы не разлічвалі, што на амаль 400 000 жыхароў Магілёва ня знойдзецца ніводнага ахвочага навучаць сваё дзіця ў беларускім класе. Пагаджуся з думкай пра тое, што не дастаткова было інфармацыі папярэдніі гады пра беларускі клас у сярэдняй школе №1 (вул.Першамайская,24). Аднак, шмат людзей ведалі пра яго існаванне, але не пажадалі навучаць сваіх дзетак у беларускім класе, дзе забяспечаны індывідуальны падыход, умовы для развіцця менавіта здольнасцей вашага дзіця і перадумовы для атрымання прыстойнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі. Але на гэты момант пра клас ведае большасць жыхыроў нашага горада, дзякуючы роліку, які запрашае дзетак у 5 беларускі клас. Ролік распаўсюджаны на інтэрнет рэсурсах і тэлебачанні Магілёў-2. Будзем спадзявацца, што ў гэтым годзе клас папоўніцца новымі вучнямі.
Скажыце, калі ласка, з чаго ўсё пачыналася і з якімі асноўнымі цяжкасцямі Вам давялося сутыкнуцца пры арганізацыі навучання Ялінкі? Як на стварэнне класа адрэагавалі гарадскія ўлады і кіраўніцтва школы? Ці быў хто-небудзь хто Вас падтрымаў ці наадварот усяляк перашкаджаў рэалізацыі дадзенай ідэі?
Увесну 2010 г. зацікаўленыя бацькі і арганізацыі грамадскай супольнасці пачалі кампанію па адкрыцці беларускага класа. 4 бацкоў падалі заявы да аддзелу адукацыі Магілёўскага гарвыканкаму з просьбай арганізацыі беларускага класа. Цягам вясны і лета 2010 гэтыя заявы заставаліся ў гарвыканкаме без аніякіх рэагаванняў з боку аддзела адукацыі. 30 жніўня 2010 старшыня аддзела адукацыі аб’явіў пра адкрыццё 1 беларускага класа ў СШ№1 пад ціскам аднаго з бацькоў. Але на той час у класе засталася толькі адна вучаніца Ялінка Салаўёва. Іншыя вучні сышлі ў іншыя школы, не дачакаўшыся рашэння чыноўнікаў. Асноўная цяжкасць напачатку была адсутнасць жадання чыноўнікаў адкрываць беларускі клас, з-за чаго мы страцілі вучняў.
Адсутнасць вучняў і дагэтуль застаецца асноўнай праблемай і мэтай далейшага існавання адзінага беларускага класа на ўвесь Магілёў.
Надзея, а як наогул адбываецца працэс навучання на беларускай мове? Раскажыце, калі ласка, нашым чытачам як праходзяць заняткі, ці ўсе настаўнікі спраўляюцца з выкладаннем па беларуску, ці няма праблем з падручнікамі?
Як маці, якая жадае лепшай долі свайму дзіцяці, вельмі задаволена працэсам і вынікам навучання Ялінкі ў пачатковай школе. Школа належным чынам забяспечвае працэс навучання у беларускім класе: сумленна і адказна працуюць настаўнікі, ёсць усе падручнікі на беларускай мове. То бок, з тэхнічнага пункту гледжання забяспечання працеса навучання школа робіць усё, што магчыма. Мы, як бацькі таксама дапамагаем сучаснымі тэхнічнымі сродкамі (кампутар, медыя праектар, цікавыя адпаведныя тэмам урока кампутарныя праграмы), што робіць працэс навучання больш эфектыўным. У іншых класах на паралелі такія сродкі навучання не выкарыстоўваюцца.
Напэўна вучыцца адной у класе вельмі складана. З аднаго боку, ужо не схаваешся дзе-небудзь на «камчатцы» ў надзеі, што цябе не выклічуць, ня спішаш хатняе заданне ў суседа па парце. Даводзіцца ўсё вучыць і рабіць у поўным аб'ёме. З іншага боку - вельмі складана вучыцца адной у псіхалагічным плане, бо зносіны ў калектыве для дзяцей фактар ??немалаважны. Наколькі гэта цяжка для Ялінкі і як яна вытрымлівае такія нагрузкі?
Што тычыцца навучальнай нагрузкі, то адной вучыцца прасцей, бо настаўніца ведае яе асабістыя здольнасці і магчымасці. Таму хатняе заданне Ялінка атрымлівае адпаведна яе інтэлектуальных магчымасцяў. Для яе выглядае зусім натуральна выконваць кожны прадмет штодзень, і адпаведана, адказваць на уроках кожны прадмет штодзень. У Ялінкі больш тэхнічны і матэматычны склад розуму, г.з. матэматыка, ангельская мова яе улюбёныя прадметы. Таму настаўніца больш ухіл робіць на развіццё лагічнага мыслення Ялінкі, што мае пэўны поспех.
Што датычна псіхалагічнага складніка навучання адной, то, няма сумневу ў тым, што псіхалагічны камфорт самы важны ў навучальнай дзейнасці, бо ён з’яўляецца базісам для атрымання ведаў. Ялінцы, насамрэч, бракуе такіх жа самых вучняў побач, з якімі яна не можа камунікаваць па бягучых пытаннях на ўроках. Але яна знаходзіцца ў зносінах са шматлікімі сябрамі і вучнямі з іншых класаў (урокі замежнай мовы, фізкультуры і музыкі адбываюцца разам з іншым класам). Ялінка мае блізкіх сяброў і знаёмых з іншых класаў, з пазашкольных гурткой, што яна наведвае пасля школы.
Як вы думаеце, чаму за час існавання беларускамоўнага класа, акрамя Вашай дачкі не з'явілася новых вучняў? Бацькі проста не хочуць, каб іх дзеці вучыліся на роднай мове або можа чагосьці баяцца?
Мне падаецца, што людзі Магілёва проста ня думаюць наогул пра мову, на якой будуць вучыцца іх дзеці. Расейская мова - ў нас па-змаўчанні мова адукацыі. Большасць Беларусаў думаюць па-расейску. Другая прычына – адсутнасць волі бацькоў навучаць сваіх дзяцей на роднай мове, таксама як і самім размаўляць на ёй. Трэццяя прычына – сапраўды баяцца аддаваць дзіця ў малакамплектны клас, бо дзейнічаюць у грамадстве моцныя стэрэатыпы. Хаця напрыканцы школы бацькі звяртаюцца да рэпетытара па індывідуальнае навучанне і плоцяць вялікія грошы. У беларускім класе рэпетытарства - цягам усёй сярэдняй школы.
Надзея, на Вашу думку, як наогул адбываюцца справы з беларускай мовай у нашай краіне і ў Магілёве ў прыватнасці? Ці ёсць нейкія карэнныя змены ў лепшы бок ці наадварот усё толькі пагаршаецца?
Беларуская мова ў Беларусі знаходзіцца ў заняпадзе: ніводнага беларускамоўнага канала на тэлебачанні і радыё (толькі асобныя праграмы), няма беларускай прэсы ў шапіках, адсутнічае беларускі ўнівэрсытэт, колькасць беларускіх класаў і груп у садочках у гарадах краіны можна па пальцах пералічыць, крацей, у большасці выпадкаў нешматлікае ўжыванне беларускай мовы даволі штучнае, не натуральнае.
У Менску сытуацыя трошкі лепш: апошні трэнд – курсы беларускай мовы ў Менску (такіх ужо працуе 6 курсаў на 2 000 000 жыхароў). Яны вельмі папулярныя і налічваюць па 200-300 чалавек штозанятак. Таму ініцыятыва стварэння курсаў і попыт пайшла ад людзей. Было б жаданне.
Давайце паспрабуем распавесці нашым чытачам пра перавагі, якія дае навучанне на беларускай мове і даць практычныя рэкамендацыі для тых, хто захоча аддаць сваіх дзяцей у беларускамоўны клас. Што трэба зрабіць у першую чаргу?
Перавагі менавіта навучання ў гэтым канкрэтным 5 беларускім класе ў СШ№1:
- Індывідуальны падыход да вашага дзіця (мова тут не надта істотна, бо настаўнікі лумачаць тэрміны па-руску і беларуску. Гэта выклікана тым, што зараз не існуе беларускага ВНУ);
- Надання ўвагі і развіццё менавіта тых здольнасцей і схільнасцей, што ёсць у Вашага дзіця. У малакаплектным класе гэта зрабіць нашмат прасцей за клас, дзе 25 вучнаў. У сярэдняй школе гэты фактар вельмі істотны.
- Вы зберажэце Вашыя грошы, што будзеце выдаткоўваць на рэпетытара ў старэйшай школе. Жыццё прадэманстравала, што масавая сярэдняя адукацыя не з’яўляецца дастатковай для паступленне ў будзь якое ВНУ Беларусі, не кажучы пра замежжа.
- Сучаснае абсталяванне (аудыё, відэа) ў класе, што робіць вынік больш эфектыўным а працес больш цікавым для дзіця.
- Магчымасці зносін з замежнымі беларускімі школамі (Польшча, Літва).
І напрыканцы размовы наша традыцыйнае пытанне - што б Вы хацелі пажадаць чытачам нашага партала і жыхарам Магілёва?
Калі ласка, не абмяжоўвайце сваіх дзяцей. Дайце ім магчымасці размаўляць больш, чым на адной мове. У дзяцей білінгваў (двумоўных) лягчэй і хучэй атрымліваецца авлоданне замежнымі мовамі.
Прыводдзе сваіх дзяцей у 5 беларускі клас СШ№1 па адрасе: вул.Першамайская, 24 і вы нададзіце Вашаму дзіця перспектывы сучаснай еўрапейкай адукацыі.
Вялікі дзякуй, Надзея, за інтэрв'ю. Мы жадаем, каб Ялінка вучылася паспяхова, а беларускі клас папоўніўся новымі вучнямі!
Юры Рэтраман,
дзеля партала Masheka.by
Фота з сайта svaboda.org