Urban Day у Магілёве: iнтэрактыўную дыскусію “Дзе мы ў горадзе “М”?
Цэнтр новых ідэй і каманда “Новых рэгіёнаў” запрашаюць на інтэрактыўную дыскусію “Дзе мы ў горадзе “М”? Urban Day у Магілёве.
Мы хочам прысвяціць гэтую сустрэчу нашаму гораду і тым, хто робіць яго лепшым. Будзем размаўляць пра тое, як лепш змяняць гарадское асяроддзе (як распавядаць пра экалагічныя праблемы бабулям ці дасылаць фота чарговай ямы ў 115.бел). Паспрабуем скласці спіс простых і карысных справаў, якія зробяць Магілёў крышачку лепшым (і колькі гэта зойме часу). А таксама абмяркуем самыя гарачыя ўрбаністычныя тэмы і паглядзім, як Магілёў выглядае ў параўнанні з іншымі гарадамі.
У вас будзе магчымасць задаць сваё пытанне, паспрачацца з экспертамі ды проста файна правесці час! Пасля дыскусіі будзем рады працягнуць размовы ў нефармальнай атмасферы і за келіхам віна.
Праграма:
18:15 - 18:30 Рэгістрацыя (кава і пачастунак).
18:30 - 19:00 “Чаму з Магілёвам усё так кепска?” Прэзентацыя Рэйтынга беларускіх гарадоў. Антон Раднянкоў, дырэктар Цэнтра новых ідэй.
19:00 - 19:50 Лекцыя “Актывізм ад “А” да “Я”, або ў цябе ўсё атрымаецца”. Дар’я Чумакова, намесніца дырэктара Цэнтра экалагічных рашэнняў.
19:50 - 20:30 Варкшоп “Куды ўпісацца ў Магілёве, каб быць карысным”. Сяргей Пехцераў, гарадскі актывіст, стваральнік pavetra.online і падкаста “Мы остались”.
Пра выступоўцаў:
Антон Раднянкоў – дырэктар Цэнтра новых ідэй. Антон таксама ўзначальваў R&D-кірунак на Мінскім гадзіннікавым заводзе “Луч” і пяць гадоў працаваў менеджарам праектаў у сферы ўстойлівага развіцця рэгіёнаў.
Дар’я Чумакова – намесніца дырэктара Цэнтра экалагічных рашэнняў. Займаецца тэмай устойлівага спажывання і экалагічна дружалюбнага ладу жыцця. Актыўна прапагандуе ідэі зялёнага офіса, устойлівага транспарту, ведае толк у дзіцячых цацках.
Сяргей Пехцераў – гарадскі актывіст, дызайнер, стваральнік праекта pavetra.online па маніторынгу дробных часціц у паветры, заснавальнік паблікаў “Могилев нормальный” і LOSQUE, а таксама падкаста “Мы остались”.
Калi: 18 лістапада, панядзелак
Час: 18:30 - 20:30
Дзе: кнігарня “Читайбург”
Адрас: вул. Ленінская, 41, ГЦ “Аліса”, бакавы ўваход
Уваход: вольны. Рэгістрацыя: https://forms.gle/rz7JzLF8ZBJEnLdg6