15 лістапада запрашаем на літаратурна-музычны вечар «Летапісец лёсу народа», прысвечаны 135-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа
Літаратурна-музычны вечар дасць магчымасць глыбей зразумець жыццёвы і творчы шлях народнага пісьменніка Якуба Коласа – чалавека, грамадзяніна, які ўсё жыццё служыў Радзіме і роднаму народу; творцу, які паўвека аддаў роднай літаратуры, нёс людзям “агонь душы і сэрца жар” нягледзячы на жыццёвыя абставіны.
3 лістапада для Беларусі знамянальная дата – 135 гадоў назад нарадзіўся класік нацыянальнай літаратуры – Якуб Колас.
Пра тое, кім з’яўляецца Якуб Колас для нашай нацыі і яе духоўнасці, можна гаварыць бясконца і самымі высокімі эпітэтамі, але ўсё створанае ім вызначаецца найперш галоўным – разам з Янкам Купалам, сваім равеснікам і сябрам, Якуб Колас з'яўляецца заснавальнікам сучаснай беларускай літаратурнай мовы.
Талент Якуба Коласа выключны і фенаменальны. Яго жыццё – узор і прыклад усім, хто хоча пакінуць добры след пасля сябе, паслугаваць Айчыне незалежна ад таго, якой справе сябе прысвяціў.
“Колас аддаў увесь свой талент народу, у гэтым яго хараство і веліч, – пісаў Іван Мележ, – Паэт, празаік, драматург, вучоны, публіцыст – няма, здаецца, у беларускай гісторыі такога жанру, няма ў яе гісторыі на працягу паўстагоддзя такой старонкі, дзе б не ззяла слаўнае імя Якуба Коласа, не праявілася б якая-небудзь грань яго шчодрага таленту”.
І сапраўды, дзед Талаш, дзядзька Антось, Сымон і Ганна – хіба можна сёння гаварыць пра нашу літаратуру, не называючы імёнаў гэтых герояў... А між тым намаляваны яны сілай слова непераўзыдзенага майстра, волата літаратуры – Якуба Коласа. Давайце ж пройдзем жыццёвымі сцежкамі аднаго з самых яркіх прадстаўнікоў беларускага народа...
Месца: Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І.Леніна
Час: 15 лістапада 13:00
Уваход вольны