Шаноўныя сябры!
Па шматлікіх просьбах нашых наведвальнікаў, установа культуры “Музей гісторыі Магілёва”, сумесна з калекцыянерам і сябрам музея
Алегам Давідам Лісоўскім (г. Аўгсбург, Германія) вяртаюць выставу “Невядомы Магілёў. Выстава фотаздымкаў 1941 – 44 гг.”
Дапоўненая новымі фотаздымкамі, выстава адкрыецца18 кастрычніка ў 11.00 і будзе працаваць да 3 снежня у Выставачнай зале музея, па вул. Болдзіна, 1.
Гэтая выстава стала вынікам некалькіх гадоў руплівай працы па зборы і музеефікацыі выяваў горада Магілёва на фотаздымках, зробленых падчас Другой сусветнай вайны. Галоўная значнасць гэтых фотаздымкаў заключаецца ў тым, што на іх аказалася адлюстраванай гісторыя Магілёва ў гады акупацыі, а таксама гістарычная архітэктурна-планіровачная структура горада – ужо пацярпелыя ад вайны, але ўсё яшчэ велічныя магілёўскія храмы, грамадскія установы і жылыя дамы, якія неўзабаве будуць назаўсёды страчаныя.
Фотаздымкі былі зробленыя пераважна салдатамі вермахта, і самыя раннія з іх адносяцца да чэрвеня 1941 года (гэта аэрафотаздымкі, зробленыя ў першыя дні вайны самалётамі-выведнікамі). З той прычыны, што нямецкія салдаты масава карысталіся фотаапаратамі падчас вайны, да калекцыянераў, а потым на інтэрнэт-рынак патрапілі сотні іх фотаздымкаў з відамі Магілёва.
На гэтых здымках адлюстраваліся тагачасны горад і людзі, а таксама шэраг гістарычных падзей, што адбываліся на вачах у сучаснікаў. Так, асаблівую цікавасць выклікае серыя фотаздымкаў, зробленых 10 красавіка 1942 года падчас т.зв. “магілёўскага цунамі” – трагедыі на Дубравенцы, што знесла сотні чалавечых жыццяў. Сярод фотаздымкаў маюцца таксама невядомыя раней выявы масавага публічнага смяротнага пакарання на Савецкай плошчы ў красавіку 1942 года. Увагу выклікаюць таксама здымкі, зробленыя салдатамі вермахта на Буйніцкім полі падчас баёў у ліпені 1941 года.
Адміністрацыя УК “Музей гісторыі Магілёва” ўлічвае, што аўтары гэтых фотаздымкаў – салдаты-зваёўнікі, якія прынеслі на беларускую зямлю жудасную трагедыю, вайну, што знесла жыцці мільёнаў беларусаў. Пагэтаму падчас адбору фотаздымкаў мы кіраваліся ў першую чаргу прынцыпамі навуковай і гістарычнай значнасці выяваў, што захавалі невядомыя раней фрагменты нашага мінулага, і ніякім чынам не дапускаем трактовак, пры якіх выставу дадзеных фотаздымкаў можна было б суадносіць з пазітыўным адлюстраваннем вобразу салдата вермахта.
На выставе будзе паказаная ў першую чаргу трагедыя – трагедыя народаў, горада, і асобных людзей. І – жыццё чалавека падчас гэтай трагедыі.
Место: Выставочный зал музея истории Могилева - Болдина,1
Время: с 11.00