Прэзентацыя кнігі “Па слядах багоў: нарысы беларускай міфалогіі” Змітра Скварчэўскага ў Магілёве
9 ліпеня 2020 года (чацвер) у 19:00
Музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі запрашае ўсіх жадаючых на прэзентацыю кнігі “Па слядах багоў: нарысы беларускай міфалогіі” гісторыка, даследчыка міфалогіі Змітра Скварчэўскага.
Прэзентацыя пройдзе на вольным паветры ў дворыку музея.
Усім гасцям імпрэзы мы раім захоўваць сацыяльную дыстанцыю і выконваць правілы рэспіраторнага этыкету – умовы для гэтага будуць створаныя.
Прэзентацыя кнігі планавалася раней, 4 красавіка, але была перанесена ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй.
Зміцер Скварчэўскі – кандыдат гістарычных навук, даследчык міфалогіі і традыцыйнай беларускай культуры, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў гістарычнага факультэта БДУ. Сфера навуковых зацікаўленняў – паганства, міфалогія, этнаастраномія, сакральная геаграфія і традыцыйная культура Беларусі. Малады навуковец з’яўляецца аўтарам канцэпцыі стварэння “Музея міфаў” у Бярэзінскім біясферным запаведніку, а таксама канцэпцыі выставы гіганцкіх пясчаных скульптур “Багі і духі Беларусі”. Стваральнік адукацыйнага анлайн-курса “Багі, духі, героі: персанажны код беларускай міфалогіі”.
“Па слядах багоў: нарысы беларускай міфалогіі” – першая кніга даследчыка, якая прысвечана міфалогіі і рэлігійнай традыцыі продкаў беларусаў. На старонках кнігі аўтар выкладае новы падыход да рэканструкцыі супольнасці багоў, якія шанаваліся продкамі беларусаў. У кнізе разглядаюцца дыскусійныя пытанні існавання пантэона, імёнаў, атрыбутаў і характарыстык багоў. На падставе фальклорных, гістарычных і шэрагу іншых крыніц вылучаюцца вобразы тутэйшых багоў, якія адпавядаюць старажытным індаеўрапейскім і з’яўляюцца іх працягам у беларускай фальклорна-міфалагічнай традыцыі.
Прэзентацыя адбудзецца ў фармаце лекцыі, пасля якой у прысутных будзе магчымасць задаць свае пытанні аўтару.
На прэзентацыі ўсе ахвотныя змогуць набыць кнігу і атрымаць аўтограф аўтара!
ЗАПРАШАЕМ!
Месца правядзення:
Музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі - г. Магілёў, вул. Ленінская, 37
Уваход – па квітках. Кошт – 1 рубель. Квіткі - у касе музея.
Пры падтрымцы:
- Суполка «Беларускія народныя танцы ў Магілёве»
- Кафэ «ШПАРКI ЛОСЬ» - Магілёў
Даведкі па тэлефонах:
Музей: (80222) 65-07-57
Каса музея (80222) 65-02-03