Што не так з назвамі прыпынкаў грамадскага транспарту ў Магілёве?
Сябры, прапануем вам прачытаць цiкавы артыкул Юрася Каласоўскага, якi задаецца пытаннем "Што не так з назвамі прыпынкаў грамадскага транспарту ў Магілёве?" Аднак спачатку мы пазнаёмiм вас з аўтарам.
Юрась Каласоўскі
Выкладчык курсаў “Мова Нанова Магілёў”.Скончыў ВДУ імя П. Машэрава па спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура. Літаратурная работа ў газетах і часопісах”. З 2007 года працуе настаўнікам беларускай мовы ў Магілёўскай гарадской гімназіі №1. У 2013 г. стаў абсалютным пераможцам конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Магілёўскай вобласці”. Фіналіст рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года-2014”. Працуе па тэхналогіі актыўнай ацэнкі, з’яўляцца адным з аўтараў кнігі “Актыўная ацэнка ў дзеянні: вопыт настаўнікаў Беларусі” (2014 г.).
Пераклаў на беларускую мову ўкраінскі метадычны дапаможнік “Як стварыць сучасную школьную газету?” (2014 год).
Марафонец-аматар. Прабег 20 марафонаў, найлепшы (у тым ліку ў Варшаве, Рызе, Любліне, Торуні, Лодзі, Кіеве, Гародня-Друскенікі). Найлепшы вынік паказаў у 2019 годзе на марафоне ў родным Магілёве.
Як настаўнік апошнія гады грунтоўна займаецца даследчымі работамі, у 2019-2020 гадах работы яго вучняў сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу даследчых работ.
Матэрыял пра назвы прыпынкаў грунтуецца на матэрыяле даследчай работы, якая ў пачатку 2019 года атрымала дыплом ІІ ступені на рэспубліканскім конкурсе даследчых работ.
Пункт 1. Слова "вуліца" ў назвах прыпынкаў
Справа ў тым, што вуліца - лінейны аб'ект, а прыпынак - кропкавы. У якім месцы вуліцы N. павінен знаходзіцца прыпынак, у склад назвы якога ўваходзіць слова "вуліца"? Але самае цікавае ў тым, што многія прыпынкі знаходзяцца на іншых вуліцах, а слова "вуліца" ў іх назве толькі нагадвае, што вуліца з дадзенай назвай знаходзіцца недзе паблізу. Мой любімы прыпынак тут - "Вуліца Чалюскінцаў", які знаходзіцца метраў за 400 ад самой вуліцы Чалюскінцаў. Да таго ж слова "вуліца" перагружае назву прыпынку, таму ў вусным маўленні пачуеш "Выходжу на Залуцкага" замест грувасткага "Выходжу на прыпынку "Вуліца Залуцкага". У Мінску, напрыклад, даўно ад гэтага адмовіліся. І нам трэба!На фота: уверсе - Мінск (на схеме прыпынак "Заслаўская" на вуліцы Заслаўскай), унізе - Магілёў (прыпынак "Вуліца Кірава" на вуліцы Крупскай).
Пункт 2. Непісьменнасць
Так, у нашым горадзе ёсць прыпынкі, на шыльдах якіх замест Ў у складовае, прыпынак "Вуліца Южная". Добра, што хоць літару Д у прозвішчы нашага знакамітага земляка нядаўна прыбралі, а то з аднаго боку дарогі быў "Мост імя Шміта", а з другога - "Мост імя Шмідта". Бяда і назвамі, прадубліраванымі лацінкай! І маем таму, напрыклад, прыпынак "ДыягнастыЦны цэнтр" (калі лацінку запісаць назад кірыліцай) насупраць гарвыканкама. Маглі б ужо ў мінскага метрапалітэна павучыцца!
Пункт 3. Бессістэмнасць
Апошнім часам пры абнаўленні шыльдаў з назвамі прыпынкаў сталі збольшага выкарыстоўваць беларускую мову, праўда, часта з памылкамі. Але пра апошнія ўжо пісаў раней. Сёння пра тое бязладдзе, якое робіцца з напісаннем назваў прыпынкаў грамадскага транспарту.
Ёсць назвы на беларускай мове, ёсць назвы на рускай мове (нават абноўленыя - "Магілёўскі мясакамбінат" і "Універсітэт харчавання"). У цэнтры горада некалькі назваў прыпынкаў прадубліраваны беларускай лацінкай (і кожны раз з памылкамі), а яшчэ ёсць назвы прыпынкаў, прадубліраваныя на англійскай мове або транслітараваныя літарамі лацінскага алфавіта - як бачыце, ніякага сістэмнага падыходу тут, на жаль, няма. Гэта я не кажу яшчэ пра розныя варыянты дызайну шыльдаў. Усё гэта не дазваляе стварыць адзінае інфармацыйнае асяроддзе, якое магло б не толькі дапамагаць у арыентацыі ў прасторы, але і ствараць пазітыўны імідж нашага горада.
Пункт 4. Дубліраванне назваў
Назва прыпынку павінна дапамагаць арыентавацца ў прасторы, а не заблытваць у ёй. Вось як, напрыклад, дапаможа зарыентавацца ў гарадской прасторы шыльда прыпынку з назвай "Школа" ці "Паліклініка"? Цікава, што на схемах руху грамадскага транспарту падобныя назвы падаюцца па-іншаму: "Школа №25" і "Паліклініка №8". Што замінае абнавіць шыльды згаданых прыпынкаў, пакуль невядома.
Таксама ў Магілёве ёсць прыпынкі з аднолькавай назвай, якія знаходзяцца ў розных месцах горада. Так, паміж прыпынкамі "Бульвар Непакораных" на вуліцы Астроўскага і на вуліцы Габраўскай амаль 1,5 км, а паміж прыпынкамі з сакавітай назвай "Гаражны масіў" на вуліцы Алтайскай і праспекце Шміта 2,5 км!
І гэта адзінкавыя прыклады. А ў нас хапае цікавых тапонімаў, якія маглі б, стаўшы назвамі прыпынкаў, не толькі дапамагаць арыентавацца ў гарадской прасторы, але і зрабіць моўны ландшафт горада больш цікавым і запамінальным! Напрыклад, не "Гаражны масіў", а "Перакопскі" ці "Абісінія" - вам падабаецца?
Пункт 5. Дубліраванне назваў прадпрыемстваў і ўстаноў
Вышэй я пісаў пра такія назвы прыпынкаў, як "Школа", "Паліклініка" і падобныя, якія, канечне, не даюць дастатковай інфармацыі для арыентацыі ў гарадской прасторы.
З іншага боку, некаторыя прыпынкі ў Магілёве маюць занадта грувасткія назвы, якія не толькі перагружаюць збыткоўнай інфармацыяй, але і проста не выкарыстоўваюцца ў вусным маўленні.
Як вам, спадарства, такія назвы прыпынкаў, як "ААТ "Магілёўаблаўтатранс", "ААТ “Магілёўхімвалакно”, "ААТ “Стужка”? Каму з пасажыраў трэба ведаць, ААТ гэта ці, напрыклад, ТАА? Дарэчы, падобнае дубліраванне назваў прадпрыемстваў на шыльдах прыпынкаў усё адно прыводзіць да памылак, паколькі тыя ж назвы час ад часу мяняюцца. Так, маем назву прыпынку "ААТ "Рамонтны завод", а само прадпрыемства называецца "Магілёўскі рамонтны завод".
І яшчэ пра абрэвіятуры: як вам такія назвы прыпынкаў, як "ДРСУ-128" і "СЖБ-7" на Слаўгарадскай шашы? Думаю, звычайнаму пасажыру складана расшыфраваць гэтыя абрэвіятуры.
Вось называецца ж, напрыклад, прыпынак "Мясакамбінат", а не "ААТ "Магілёўскі мясакамбінат" - і гэтага дастаткова! Праўда, у апошнім выпадку мову яшчэ варта было б памяняць на беларускую.Таму не варта ў назвах прыпынкаў капіяваць поўныя афіцыйныя назвы пэўных прадпрыемстваў ці ўстаноў.
Юрась Каласоўскі
Фота аўтара