У Магілёве абралі 5 лепшых юных чытальнікаў беларускай літаратуры
Удзельнікамі праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» у гэтым сезоне сталі вучні 7-8 класаў школ і гімназій з усёй Беларусі. На працягу 2 месяцаў рабяты запісвалі відэа, на якіх чыталі творы беларускай літаратуры і выкладвалі іх на свае асабістыя старонкі ў сацыяльных сетках. Школьнікі з усёй Беларусі даслалі на конкурс 2048 відэа агульнай працягласцю больш за 45 гадзін. Па выніках першага этапу журы вызначыла па 30 лепшых чытальнікаў з кожнай вобласці і горада Мінска. З Магілёўскай вобласці на конкурс паступіла 240 відэапрац.
Рэгіянальны фінал у Магілёве прайшоў у гімназіі №3. Галоўнае, што ацэньвала журы - выразнае і чыстае выкананне твора. Дадатковы напал спаборніцтва надаваў ліміт па працягласці выступу для кожнага ўдзельніка - да 2 хвілін.
У склад журы ўвайшлі пісьменніца Раіса Баравікова, акцёр і тэлевядучы Юрый Жыгамонт, начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Вячаслаў Смірноў, прадстаўнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Ленінскага раёну горада Магілёва Алена Валер’еўна Аленоўская і метадыст інстытута развіцця адукацыі Магілёўскай вобласці Алена Андрэеўна Бако. Спецыяльна запрошаным членам журы стаў прэс-сакратар футбольнага клубу “Днепр Магілёў” Андрэй Ільеня.
Старшыня журы Раіса Баравікова адзначыла высокі ўзровень усіх удзельнікаў:
«Мне вельмі прыемна глядзець на нашых канкурсантаў, таму што, гледзячы на іх, разумею, што нас чакае выдатная будучыня. У якой жывуць нашы беларускія традыцыі, наша мова. Дзякуй вам, канкурсанты з Магілёва і Магілёўскай вобласці, за ваш талент. А таксама, кампаніі velcom за стварэнне такога важнага праекта, які спрыяе захаванню і распаўсюджванню нашай роднай мовы».
Пераможцамі рэгіянальнага фіналу ў Магілёве сталі 5 канкурсантаў: Цярэшчанка Станіслаў (Забродская сярэдняя школа Шклоўскага раёна), Герасімёнак Кацярына, Маскалькова Валерыя (Мяжэсецкая сярэдняя школа), Ляхава Ганна (Сярэдняя школа №2 ім. Ф. І. Кавалёва г. Клічава), Коласаў Цімафей (Сярэдняя школа №18 г. Бабруйска). Пераможцы ўзнагароджаны смартфонамі і запрошаны на рэспубліканскі фінал конкурсу.
Вячаслаў Смірноў,
начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom
начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom
«У гэтым годзе мы актыўна выкарыстоўвалi магчымасці сацыяльных сетак у праекце «Чытаем па-беларуску з velcom». І здарылася так, што вывучэнне беларускай мовы і літаратуры можа быць вельмі цікавым і захапляльным, калі ўключаць у працэс сучасныя тэхналогіі. Мы ў гэтым упэўніліся, калi ўбачылi з якой цікавасцю дзеці далучыліся да праекта. А сёння мы назіралі за творчасцю тых рабят, якім удалося стаць лепшымі ў Магілёўскай вобласці. Вельмі цяжка было вылучыць толькі 5 пераможцаў, таму што кожнае выступленне яскравае і таленавітае. Дзякуй кожнаму з удзельнікаў. І асабістая падзяка настаўнікам і бацькам, якія дапамаглі ўдзельнікам пры падрыхтоўцы».
У рамках другога этапу конкурсу «Чытаем па-беларуску з velcom» пройдуць яшчэ 2 рэгіянальныя фіналы. Графік правядзення мерапрыемстваў: Гомель – 10 красавіка, Гродна – 25 красавіка. Рэспубліканскі фінал конкурсу адбудзецца ў траўні ў Мінску. Пяці лепшым юным чытальнікам краіны па яго выніках будуць уручаны смартфоны маркі Apple.
Тэкст и фота: кампанія Velcom