Галина Перун
Ссылка на страничку Вконтакте: Галина Перун
Як дзед ў Купальскую ноч рыбу вудзіў
Мой дзед вельмі любіў рыбалку. Нават не важна, на вуліцы спёка, ці мароз са сцюжаю, а ён ўсё адно: за вуду ды с хаты на возера бяжыць. Цішком, вядома, каб бабуля не бачыла, бо яна гэту справу не вітала і рыбалову вельмі даставалася. Бывала часам працаваць трэба, ў двары заўсёды работа знойдзецца, а гаспадара няма, як быццам карова лысая языком злізала. Сядзіць, як заўсёды на сваім месцы, лункі свідруе, бровы, барада і нават каўнер у кажусе збялеў, а дзед і ў вус не дуе, ніякі мароз яму ні па чым. Толькі і ведае, што глядзіць пільна ў палонку, ды ляску моцна трымае – і так амаль кожны дзень. І вось аднойчы, здарыўся з дзедам выпадак, пасля якога ён назаўжды забыўся пра сваё захапленне, і ніколі ў той бок нават не глядзеў.
А было гэта так. Выдалася лета вельмі гарачае і засушлівае, вядома,працы ў вёсцы хапае, а тут яшчэ травы ў лузе перастойваюць. Самая што ні на ёсць пара сена нарыхтоўваць. Два дні дзед завіхаўся надзел касіў, а пасля разам з сям’ёй пакосы разбілі, ды сушыць пачалі. Бабуля ж пільна сочыць за гаспадаром, ні на хвіліну не адыходзіць, бо ведае, як толькі момант зручны прадставіцца, дзед адразу ж рыбачыць пабяжыць.
Горача, сонца ў зеніце прыпякае, смага адольвае, купацца ахвота, ды вуду некалькі разоў закінуць. Але дзе там, як салдат жонка побач стаіць і цікуе кожны крок. Дзед толькі нудзіцца па любай справе, ды ўздыхае, нават у той бок зірнуць баіцца. Дружна павярнулі кожны па-пакосу, адпачылі трохі, зноў варушыць трэба, – і так цэлы дзень. Сена, кажуць, на граблях сохне. Ну, а калі сонца спускаецца на верхавіны старога лесу, дык і ў копы час класці. К вечару ўсе сілы на зыходзе. Здаецца, толькі гаспадарку дагледзіць, ды як-небудзь да ложка дабрацца. А ў дзядулі адно на розуме, як на возера неўзаметку уцячы. А тут як раз выдалася свята, і бабулю паклікалі песні спяваць, бо голас у яе быў зусім незвычайны, адзін такі прыгожы і мілагучны на ўсю ваколіцу. Апранула яна самаю лепшую спадніцу, хустачку белую павязала і пайшла на гулянне. Дзеду строга загадала ў хаце сядзець, бо прымета нядобрая ёсць, што ў Купальскую ноч усякая нячыстая сіла з лесу, ды з вады выпаўзае, каб пажывіцца душой чалавечай. Вядома, наш дзед у гэта не верыў, а балачкі усялякія пра нячысцікаў, лічыў бабскімі забабонамі. Схапіў ён вуду, ды напрасткі цераз агароды на возера падаўся.
Месца выбраў прыгожае, на пагорку, пад кустом алешніку. Расклаў свае прыстасаванні, пачапіў чарвяка, ды закінуў далей ад берага. Сядзіць і любуецца наваколлем. Душа нарадавацца не можа, аж сэрца ў грудзях мацней біцца стала. На другім беразе месяц над лесам павіс, круглы пад поўню, вялікі, нават большы за сонца і свеціць ясна, відаць як днём. А ў небе зорачкі зіхацяць, быццам хто лямпачак маленькіх накруціў, і ў воднай гладзі адлюстроўваюцца. Усю ноч бы тут сядзеў ды любаваўся! Ветрык хвалі гоніць павольна, а яны плюскаюцца ў цёмнай вадзе, нібы купаюцца! З боку вёскі адгалоскі песень, гармоніка ды дзявочага смеха даносяцца – любата. І вось зусім побач, дзесьці ў чароце, жабы свае спевы пачалі. Спачатку адна – гучна, доўга, на розны манер, а потым сяброўкі далучыліся. І так у іх добра атрымоўваецца, быццам па нотах! Для дзеда гэта кваканне, лепей за пошчакі салаўя было. Нічога прыемней і каханей для сваёй душы і жадаць не трэба! Паслухаў некалькі хвілін – і на сэрцы цудоўная асалода, нервы адразу супакойваюцца, нават крывяны ціск у норму прыходзіць, і адразу прага да жыцця з’яўляецца.
Вось і цяпер сядзіць дзед і пад спеў гэтых земнаводных пра жыццё разважае і свае вушы чароўнымі песнямі цешыць. А кваканне усё гучней і гучней ды такое неверагоднае і асаблівае, што здаецца гэткага ніколі і не чуў раней. На душы ад яго спакой і адчуванне нейкага дзіўнага шчасця, як быццам крылы за плячамі выраслі і вось-вось паляцець можна, калі паднатужыцца. Як ў казцы якой, нават дрэвы і кусты ажылі і загайдалі сваімі галінкамі ў знак прывітання, а поўня зусім на дзявочы твар падобная стала і лагодна усміхнулася. Спеў жа працягваецца і ўсё мілей сэрцу робіцца. І тут дзед зразумеў, што не кваканне гэта зусім, а музыка нейкая вельмі цудоўная, такая цудоўная, што адарвацца нельга, здаецца слухаў бы яе ўсё жыццё. Наваколле як зачараванае стала, ніводная травінка ад ветру не гайдаецца, ні адзін ліст не шамаціць, знямела даліна і напоўнілася цішынёй. Нават паветра цягучае, як мёд, пакратаць можна, а калі меў бы нож, то мусіць кавалачак адрэзаць. Быццам не на сушы цяпер ён, а ў падводным царстве, толькі што адзежа не мокрая. А самае галоўнае – няма страху ад гэтага дзіва, толькі спакой і задавальненне. Хоча дзед спужацца, закрычаць і ўцячы, а не можа. Цела быццам акамянела, ногі да зямлі прыраслі, рукі наогул, як не яго, нейкія чужыя і спруцянеўшыя. І раптам бязгучна, без адзінага ўсплёску, з вады паказалася дзяўчына. Вельмі прыгожая тварам, з доўгімі валасамі, а на галаве вянок з белых лілей.
Ідзе яна па воднай гладзі насустрач, ціха, быццам лебедзь плыве. Сукенка на ёй белая, празрыстая, дзявочы стан бачны. Сама усміхаецца, а ў вачах як бы крыўда нейкая і боль. Вабіць яго да сябе рукой, а сама не спяшаецца, быццам падумаць дае. А потым калі да берага не больш метра засталося, з вуснаў яе дзіўны спеў пачуўся, на душы так добра і святочна зрабілася, нават таксама заспяваць хацелася. Голас гэты на звон срэбнага званочка падобны, такі ж меладычны і цудоўны. Глядзіць дзед, як красуня да яго набліжаецца, і разумее, што трэба драпаку даваць, а сам нават зварухнуцца не можа. Тады сабраў ён усю сваю моц і волю, ды як кіне вудай у прывід. Ад нечаканасці дзяўчына спынілася і замоўкла, а дзед хрысціцца пачаў, ды словы з малітвы ўзгадваць. І раптам сіла ў яго невядома адкуль узялася, кінуўся ён бегчы ад вады далей, потым спыніўся і назад паглядзеў. Дзяўчына так і стаяла на тым месцы, дзе прыпынілася, і пазірала дакорліва на ўцекача, было штосьці ў яе вачах сумнае і загадкавае, зусім незразумелае яму, чалавеку. А праз хвіліну яе постаць знікла, растварылася, як і не было яе наогул, толькі кругі па воднай гладзі ў розныя бакі пабеглі.
Вярнуўся дзед да хаты і спаць лёг хуценька ў ложак, быццам і не быў нідзе. Толькі праз некалькі гадоў пазней прызнаўся і расказаў гэтую нагоду. На рыбалку з таго дня хадзіць перастаў - як адрэзала.
"Творческие Знакомства" - это площадка на которой могилевские талантливые поэты, писатели, художники, музыканты и другие творческие люди делятся своими работами. Более подробно о нем можно почитать здесь.