11-класнік з Магілёва прыдумаў машыну часу для вандровак па Беларусі
На мінулым тыдні сталі вядомыя імёны дзесяці школьнікаў-фіналістаў конкурсу ідэй «Першыя», які з пачатку навучальнага года праводзіцца кампаніяй А1 пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Старшакласнікам прапанавалі падзяліцца думкамі пра тое, што ім хацелася б змяніць да лепшага вакол сябе. І ў дзясятку найлепшых ідэй журы выбрала прапанову Паўла Ананіча – 11-класніка з Магілёва. Masheka.by запытаўся ў хлопца, што ён прыдумаў і да чаго тут яго родны горад.
Паўлу 17 гадоў, ён вучыцца ў 11 класе сярэдняй школы № 21. Цікавіцца гісторыяй Беларусі і сучаснай палітыкай. Рыхтуецца да паступлення ў ВНУ. Захапляецца вандроўкамі на ровары і шмат ездзіць па роднай Магілёўшчыне. А таксама часта шпацыруе па вуліцах свайго горада, уяўляючы сабе, як яны выглядалі раней.
Што ён прыдумаў?
Школьнік даўно разважаў пра тое, як можна было б аднаўляць гістарычны выгляд беларускіх гарадоў і вёсак, а конкурс «Першыя» зматываваў яго сфармуляваць свае думкі ў ідэю і падзяліцца ёю з усімі. Хлопец прапануе скарыстацца тэхналогіяй дапоўненай рэальнасці, каб даць магчымасць кожнаму ахвотнаму ўбачыць, як нейкае месца выглядала шмат гадоў таму.
– Многія мае аднагодкі лічаць, што ў Беларусі няма чаго глядзець, таму трэба ехаць у краіны Заходняй Еўропы, – кажа Павел. – Але пры гэтым мы не ведаем, што нашы гарады насамрэч нічым не саступалі замежным і развіваліся з імі ў адным кірунку. Проста нам не пашанцавала, і праз шматлікія войны і іншыя гістарычныя падзеі мы не здолелі захаваць свае помнікі архітэктуры. Напрыклад, раней у Беларусі налічвалася каля 150 замкаў, безліч цэркваў, касцёлаў, сінагог… Большасць з іх страчана, а на іх месцы стаяць ужо новыя будынкі. Уявіце, як цікава будзе паглядзець праз камеру свайго гаджэта на помнікі архітэктуры, што зараз існуюць толькі на чарцяжах, малюнках, фота ціва ўспамінах.
Да чаго тут Магілёў?
Старшакласнік лічыць, што такі праект актуальны для любой кропкі Беларусі, але пачаць, натуральна, хацеў бы са свайго горада – «аднавіць» тут касцёл езуітаў і халодную сінагогу XVII стагоддзя, сабор святога Іосіфа XVIII стагоддзя, Магілёўскі замак XVI стагоддзя.
– На жаль, старажытных будынкаў тут амаль не засталося, – расказвае Павел. –Хаця храмы ці каменныя вежы, якія ствараюць сёння асаблівую атмасферу ў еўрапейскіх гарадах і прыцягваюць турыстаў, былі і тут. Але зараз іх ужо не ўбачыш. Таму мне падаецца, што было б добра нагадаць пра ўсё гэта хаця б у дапоўненай рэальнасці. Адбудаваць, натуральна, значна даражэй ды ў некаторых выпадках немагчыма.
Як гэта можна зрабіць?
Як рэалізаваць сваю ідэю, старшакласнік яшчэ не вызначыўся, бо пакуль мае толькі агульнае ўяўленне, што трэба зрабіць: знайсці фотаздымкі і іншыя архіўныя матэрыялы, сабраць інфармацыю, распрацаваць адпаведную праграму для смартфонаў, падрыхтаваць 3D-мадэлі будынкаў і гэтак далей. Дый каманды, якая б Паўлу ў гэтым дапамагла, хлопец пакуль не мае. Таму калі камусьці цікава заняцца такой працай, можна смела далучацца!
Але школьнік перакананы, што гэты праект дапамог бы змяніць стаўленне беларусаў да сваёй краіны, яе мінуўшчыны і культурнай спадчыны, а таксама зрабіць значна цікавейшымі школьныя ўрокі гісторыі.
– Несумненна, я не лічу, што дапоўненая рэальнасць заменіць сапраўднае аднаўленне страчанай архітэктуры ці ўражанне ад яе, але, мне падаецца, важна мець пра яе ўяўленне, – дадае хлопец.– Чытачам Masheka.by я жадаю, каб яны любілі свой родны горад, ведалі яго гісторыю і ганарыліся ёй, а самае галоўнае – каб уласнымі дзеяннямі зрабілі Магілёў месцам, у якім чалавек адчувае сябе камфортна, у якім хочацца жыць і працаваць, у якім жыве Беларусь!
Iнфармацыйны адзел партала Masheka.by
Фота прадстаулены арганiзатарамi конкурсу