Настолку пра беларускіх пісьменнікаў выпусціла да Дня роднай мовы сетка OZ
Да Міжнароднага дня роднай мовы сетка OZ выпусціла настольную гульню «Мема. Пісьменнікі». У яе ўключылі 20 выбітных беларускіх аўтараў і 50 папулярных твораў.
Гульня мае два варыянты правілаў. Першы – класічны, калі трэба шукаць пары карт па прынцыпе «пісьменнік і ягоны твор». Другі варыянт – камандны. Карты з імёнамі аўтараў выкладаюцца ў храналагічнай паслядоўнасці па даце нараджэння. Для павелічэння складанасці ў дадатак да картак з творамі ідуць яшчэ і налепкі.
Дзякуючы гульні можна значна паглыбіць свае веды ў беларускай літаратуры XIX-XX стагоддзяў. Сярод згаданых у настолцы аўтараў Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Іван Мележ, Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Яўгенія Янішчыц і многія другія.
«Мема. Пісьменнікі» – трэцяя гульня ў серыі Мема. Акрамя картак з аўтарскімі ілюстрацыямі да настолкі прыкладаецца брашура з цікавымі фактамі пра беларускіх літаратараў. Спадзяемся, што «Мема. Пісьменнікі» дапаможа не толькі ўзнавіць веды са школьнай праграмы, але і заахвоціць больш чытаць на роднай мове», – адзначылі ў OZ.